Группа поддержки грудного вскармливания при Борисовском роддоме

Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2013 » Сентябрь » 20 » СТАРАЖЫТНЫЯ ЗАБАЎЛЯНКІ — дапаможнік па дагляду за дзіцем і па яго выхаванню
08:47
СТАРАЖЫТНЫЯ ЗАБАЎЛЯНКІ — дапаможнік па дагляду за дзіцем і па яго выхаванню

 Першыя забаўлянкі (ці пацешкі, каму як больш падабаецца :) сынок пачуў не ад мяне, а ад маёй маці. «Кую-кую ножку» Станька слухаў уважліва, а вось «Ладушкі» яму да спадобы яўна не прыйшліся: хлопчык адразу сціскаў ручкі ў кулачкі і не даваў расказаць пацешку да канца. Я ж сама глядзела на гэтыя гульні даволі спакойна: хай сабе расказвае бабуля хлопчыку нейкія вершыкі... Аднак маё стаўленне да твораў дзіцячага фальклора кардынальна змянілася, калі сябры падаравалі нам самаробную кніжачку «Забаўлянкі для Стасніслава». Яна выдатна падыме настрой любому даросламу, не кажучы ўжо пра самых маленькіх. Колькі ў гэтым зборнічку сакавітага гумару, сонечнай радасці і мацярынскай пяшчоты!.. А калі даведаешся яшчэ і пра вялікую карысць для развіцця дзіцяці, закладзеную ў старажытныя забаўлянкі, то разумееш гэта каштоўны скарб для сучаснай педагогікі. Ён дажыў да нашага часу, але падзабыты, закінуты на «гарышча» нашай памяці, як стары бабулін куфар, дзе можна яшчэ знайсці шмат дзівосных рэчаў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што ў параўнанні з Еўропай, наш фальклор захаваўся вельмі добра. Аднак разам з тым яго папулярызацыяй у Беларусі шырока ніхто не займаецца. Вось і атрымліваецца, што такія важныя веды пра забаўлянкі застаюццца незапатрабаванымі сярод цяперашніх бацькоў. Старэйшае пакаленне, якое карысталася пацешкамі, адыходзіць, а маладое збольшага знаёма з традыцыямі продкаў вельмі павярхоўна. Такім чынам толькі малаколькасныя энтузіясты пакуль не даюць затухнуць вугалькам колішняга вялізнага вогнішча народнай мудрасці.

Але ж вернемся да прадмета нашай гаворкі. Дык што ж такога важнага і карыснага для выхавання маленькіх беларускікаў ёсць у забаўлянках? Няўжо нельга іх чымсьці замяніць? У тым і справа, што НЕ! Ніякая супер-сучасная развіваючая цацка не можа супернічаць з жывымі чалавечымі стасункамі (тым больш між маці і дзіцём). А пацешкі як раз гэта і робяць. У іх на дзіва шмат разнастайных функцый.

Для кожнага ўзросту дзіцяці ёсць свае творы. Ужо з першых дзён жыцця немаўляці матуля нешта распавядала яму, пелянаючы, купаючы, пераапранаючы. Пад час гульняў лялечцы, каторая яшчэ нічога не можа рабіць сама, масажыравалі ўсё цельца ад макаўкі да пятачак (у наш час гэта называецца пеставальнай гімнастыкай). Трохі падрослым дзеткам забаўлянкі дапамагалі развіваць моўныя цэнтры мозгу (усім вядомая «Сарока-варона»), вестыбулярны апарат (разнастайныя гушкалкі) і вучыцца разумець сувязь між словам і дзеяннем.

Акрамя таго, з дапамогай вясёлых вершыкаў-песенек можна было адцягнуць увагу малечы ад непрыемнай яму справы: апранання, ежы, выцягвання з ванначкі. У звязку з гэтым прыгадваецца распаўсюджаная сёння з'ява: бацькі ўключаюць тэлевізар, абы толькі запіхнуць ў дзіця лыжку супу. Раўназначна таму, як і соскай заткнуць рот, калі яно плача. А паспрабавалі б проста штосьці распавесці ці праспяваць. Забаўлянкі таксама дапамагаюць суцішыць дзіцятку ці развесяліць падчас доўгай дарогі ці ў вялікай чарзе. Я, напрыклад, распавядаю Станьку пястушкі, гушкаючы яго ў слінгу.

Дзятве, каторая ўжо разумее мову, расказвалі даўжэйшыя пястушкі. У іх адлюстроўвалася карціна чалавечага жыцця: сямейныя адносіны, праца і побыт. Да таго ж у гульнёвыя творы дзіцячага фальклору закладаўся і маральна-этычны сэнс: ухваляліся працавітасць і шчодрасць, асуджаліся гультайства і хцівасць.

Рускамоўным сем'ям беларускія забаўлянкі таксама могуць прынесці карысць. Распавядайце іх вашым дзеткам, бо гэта самы просты спосаб знаёмства з роднай мовай. Яны палюбяць яе за мілагучнасць і весялосць. І хто ведае, можа ў будучыні гэта дапаможа ім лягчэй засвоіць беларускую мову.

Пасля ўсяго вышэй сказанага хацелася б зноўку вярнуцца да той самаробнай кніжачкі, з каторай і пачалося маё цеснае знаёмства з забаўлянкамі. Безумоўна я вельмі-вельмі ўдзячна за яе сябрам. І цяпер так хочацца, каб падобны зборнічак калісьці выйшаў у афіцыйным беларускім выдавецтве. Мая мара — дарыць такую карысную кніжачку кожнай знаёмай цяжарнай!

 Для гэтага артыкула я падрыхтавала забаўлянкі з матэрыялаў Міланы Міхалевіч, Наталлі Зенько, а таксама запісаныя ад сваёй маці, каторая паходзіць з вёскі Цімкі Барысаўскага раёна.

Раніца

Пацягушкі, гушанькі,

маленечкія ручанькі,

дзіцятка пацягаецца — прачынаецца...

***

Пацягунушкі, пацягунушкі (праводзім ручкамі па целу дзіцяці ад макаўкі да кончыкаў пальцаў)

Папярок талстунушкі (тыльным бокам далоняў праводзім па жывоціку па розныя бакі ад пупка)

А ў ножкі хадунушкі (ножкамі ідзем па паверхні ці па сваіх каленях)

А ў ручкі хватунушкі (даем ухапіцца за пальцы і крыху трасем ручкі)

А ў раток гаварок (дакранаемся да роту)

А ў галоўку разумок (гладзім па галоўцы)

 

Купанне

Анёлы купаліся,

Вадзічка засталася

Вадзічка ў мора, у мора

Дзіцятка ўгору, ўгору

***

Вадзіца ў норку

Дзіцятка ўгорку

 

Гульні з жывоцікам

Коцік-коцік-коцік,

цёпленькі жывоцік, (пагладжваем далонькай або кончыкамі пальцаў)

кіці-кіці-кіці,

востранькія кіпці (пагладжаем, «чапляючыся» пазногцямі)

***

Жываток, жываток, вары кашку мякенькую! (водзім па жывоціку па сонцу, імітуючы перамешванне «кашкі»)

***

Пуп, пуп, наеўся круп

 

Гульні з цельцам

Лес, (ускудлачваем валасы)

Палянка, (праводзім па лобіку)

Горбік, (дакранаемся да носіка)

Ямка, (дакранаемся да роціка)

Цыца, цыца (дакранаемся да цыцаў)

Пуп, (дакранаемся да пупа)

Крыніца (дакранаемся да пісі)

Там сцюдзёная вадзіца (казычам паміж ножак)

***

Ласка, ласка,

Дзе была?

У Бога жыла.

Што рабіла?

Кросны ткала.

Што зарабіла?

Кусочак сала.

Дзе тое сала?

Кошка ўкрала.

Дзе тая кошка?

Пад печку пайшла.

Дзе тая печка?

Краскамі зарасла.

Дзе тыя краскі?

Дзеўкі парвалі.

Дзе тыя дзеўкі?

Хлопцы пабралі.

Дзе тыя хлопцы?

На вайну пайшлі.

Дзе тая вайна?

Няма!

На кожны радок гладзіць дзіця ад макаўкі да ножак. Казаць павольна, медытатыўна, за выключэннем апошніх радкоў пра вайну. Тады хуткімі рухамі упоперак жывоціка імітуецца таптанне альбо казытаць жывоцік.

 

Гульні з тварыкам

 Вочка, вочка, нос, раточак

Гэта любы мой сыночак (абводзім тварык)

***

Вочкі, роцік, носік, вушка

Мая любая дачушка (абводзім тварык)

***

Кошачка, ласачка,

Дзе была? — У пана

Што рабіла? — Красенца ткала

Што зарабіла? — Кусочак сала

Дзе падзела? — Сама з'ела

Псік, псік вон! (Увесь час гладзіць дзіця ягонымі ручкамі па твары, а на апошні радок пастукаць ягонымі ж ручкамі па шчочках)

 

Гульні з ножкамі

 На падэшвах маленькіх ножак знаходзяцца зоны, адказныя за ўсе ўнутраныя органы, так што, стымулюючы гэтыя рэцэптары, мы паляпшаем агульнае здароўе дзіцяці. Лёгенька пастукваць падушачкамі пальцаў па маленькай ножцы:

Кую-кую ножку,

Паеду ў дарожку,

Куплю чаравічкі,

Малы, невялічкі,

Кую, кую другую,

Паеду ў даўгую.

Дарожка — даўгая (расцягнуўшы рукі, можна паказаць, якая даўгая дарожка),

А ножка — малая (моцна абхапіце ступачок дзіцяці абедзвюма далонямі).

***

Кую-кую ножку

Паеду ў дарожку

За чатыры мілі

Па масла, па сыры.

Дарожка крывая

Кабылка кульгае.

Напраўлю цялежкі

Паеду ў арэшкі,

Стану я іх трэсці

Будуць дзеткі есці.

 

Гульні з ручкамі

 Папляваць на адну далоньку. Указальным пальчыкам адной ручкі водзім па колу па другой ручцы:

Сарока-варона

на прыпечку сядзела

дзеткам кашку варыла

дзетак карміла

перабіраем пальчыкі

гэтаму дала,

гэтаму дала,

гэтаму дала,

гэтаму дала,

а гэтаму — не дала (мезенчык)

гэты пальчык не дарос

ён вадзічкі не прынёс

бяжы пальчык па ваду

табе кашка на хаду.

***

Тут пень (топчамся падушачкамі нашых пальцаў па запясці)

тут калода («узбягаем» трохі вышэй)

тут крыніца («узбягаем» да локцевага сугібу)

а тут халодная-халодная вадзіца! (казычам пад пашкамі)

***

Ладкі-ладушкі,

Прыляцелі птушкі,

Сталі сакатаці.

А чаго ж вам даці?

Ці ячменю жменю,

Ці гароху троху?

Селі-пасядзелі,

Пырх— паляцелі

І на галованьку селі.

***

Ладушкі-ладушкі

Дзе былі? — У бабушкі

А бабушкі нямаш

Паехала ў кірмаш.

А з кірмаша дадому

Ды ў жытнюю салому.

А там мышы шалелі

Бабе шубу праелі.

А вы дзеткі ня плацце

Бабе шубу залапце.

 

Гушкалкі на каленях

Ехаў пан, ехаў пан

На конічку сам, сам.

Конік — вух, вух

Панок — бух.

***

Чук-чук-чук,

Налавіў дзед шчук,

А бабуля плотак

Ды пазвала цётак:

Цётка справа (пасадзіце маленькага на правае калена),

Цётка злева (перасуньце на левае),

А Стась пасярэдзінцы (падстаўляеце імя свайго дзіцяці)

(рассуньце каленкі і, трымаючы дзіця на руках, апусціце амаль да падлогі)

 

Гойданне на назе

Тра-та-та, тра-та-та

Выйшла кошка за ката.

За катом добра жыць

Бо ня трэба тапкі шыць.

Мякенькія лапкі (пагладзьце маленькія ножкі)

і не трэба тапкі!

***

Гоп-дзюк, гоп-дзюк,

А я добры дзяцюк.

І на конікі канюх,

І на волікі пастух,

І на качкі стралец,

І на дзевак маладзец.

***

Гушкі, гушкі

Прыляцелі птушкі

Сталі сакатаці

Трэба есьці даці

Дам жа я ім жыта

Кабы былі сыты

Дам жа ім грэчкі

Каб несьлі яечкі

 

Вучымся хадзіць

 Скок-паскок

Малады драздок

Пайшоў па вадзічку

Знайшоў маладзічку

Маладзічанька-невялічанька

 

Суцяшалка

Калі трэба супакоіць няўрымслівае маляня, можна прытуліць і пагладзіць альбо суцішыць, калі нешта пабіла:

Я Алінку пасаджу (падстаўляеце імя свайго дзіцяці),

Добрым вокам пагляджу,

У анёла папрашу:

Каб вялікая расла,

Каб шчаслівая была.


Або яшчэ прасцей:

У аблічча прыгажок,

У галованьку разумок,

У раток гаварок,

А ўсё злое за парог: тфу!

 

Падрыхтавала: Вольга ЖАРНАСЕК

Па тэме чытайце: http://folk-by.16mb.com/

P.S. Калі раптам вы таксама ведеце нейкія беларускія забаўлянкі, то, калі ласка, дзяліцеся імі ў каментарыях.

Просмотров: 6398 | Добавил: gpgv-borisov | Теги: забаўлянкі, игры с детьми, адаптационное купание, Потешки, пестовальная гимнастика | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 7
7 Kaylawak  
0
Hello, did you receive my offer?
from2325214cv https://google.com

6 gpgv-borisov  
0
6. Гушканне на назе, або на каленях. Таксама змест забаўлянкі дазваляе малому вывучыць назвы самак і самцоў жывёл і птушак:
Тра-та-та, тра-та-та
Вышла кошка да ката,
селезень да качкі,
сучка да сабачкі.

5 gpgv-borisov  
0
А наступныя забаўлянкі я выбрала для сваёй дачушкі з літаратуры:
5. Гульні з ручкамі. дарослы лёгка стукае пальцам па далоньцы дзіцяці
Чыкі-чыкі, сарока,
Прыляцела здалёку.
Села ў пана на таку,
Меле крупы на муку.
А пан кажа: "Засяку!
У мяне шабля пры баку!"
"Хоць і шабля пры баку,
Ад цябе я ўцяку!" - паляцела паляцела (махаем кісцямі)

4 gpgv-borisov  
0
4. Суцяшалка:
Не плач, я куплю табе калач.
Масліцам памажам і нікому не пакажам.

3 gpgv-borisov  
0
3. Гульні з ножкамі. Але я не добра памятаю забаўлянку, таму будзе пропуск.
Лёгка стукаем па ступні дзіцяці:
Кую-кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывенька,
Кабылка сляпенька.
Кую-кую пятку
...................

2 gpgv-borisov  
0
2. Гульні з ручкамі. Пляскаем у далонькі:
ЛАдкі-ладУшкі,
Прыляцелі птушкі.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Боты паскідалі,
Кругом паляталі
Шух-шух-шух (махаем кісцямі, быццам ляцім)

1 gpgv-borisov  
0
Ну, буду першая. Адразу пералічу забаўлянкі, якія расказвала мне бабуля (вёска Кнотаўшчына Стаўбцоўскага раёна).
1. Вось у Вольгі у гульнях с цельцам і з тварыкам есць падобныя забаўлянкі, у нас жа гэты "вершык" чытаўся прі гульнях з ручкамі. Дарослы водзіць пальцам па ручцы дзіцяці ад запясця да локцевага сгібу:
- Касачка-ласачка, дзе ты была?
- У Бога была.
- А што ты рабіла?
- Кароўку даіла.
- А што табе Бог даў?
- Сальца кусочак.
- А дзе тое сальца?
- Мышка ўкрала.
- А дзе тая мышка?
- У норачку, у норачку! (казычам пад пашкаю)

Имя *:
Email *:
Код *:
Поиск
Календарь
«  Сентябрь 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
Архив записей
Друзья сайта
  • vk.com/gpgv.borisov
  • am-am.info
  • mamamia.by
  • svet-tv.com
  • edinstvo.by
  • borlib.by
  • borisov-med.by
  • babyboom.by
  • vk.com/soap_tocco
  • bezvreda.by

  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный хостинг uCoz